?

Log in

No account? Create an account

РЭХА Берасцейшчыны

КАСІНЕРЫ СВАБОДЫ
Рэха Берасцейшчыны
rberascie

2 лютага 1838 года ў в. Мастаўляны Гродзенскага павета ў шляхецкай сям’і нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, якому наканавана было стаць змагаром за вызваленне нашай Бацькаўшчыны. Дадзены артыкул ёсць спробай уводнага асвятлення падзей паўстання на тэрыторыі сучаснай Івацэвіччыны-Косаўшчыны-Пружаншчыны-Бярозаўшчыны і іншых суседніх рэгіёнаў.

 

ПОСТАЦЬ ГЕРОЯ

Кастусь вучыўся ў Свіслацкім павятовым вучылішчы, у 1861 годзе скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Там ён пазнаёміўся з рэвалюцыйнымі ідэямі рускіх дэмакратаў. Пэўны час Кастусь узначальваў студэнцкую зямляцкую арганізацыю ў Пецярбургу. Вяртанне ў 1861 годзе на Радзіму супала з наспяваннем тут рэвалюцыйнай сітуацыі, калі сяляне былі незадаволеныя ўмовамі аграрнай рэформы. Таму ўвесну 1863 года Кастусь Каліноўскі прыступае да стварэння Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі.

У 1862 – 1863 гадах пад псеўданімам “Яська-гаспадар з-пад Вільні” малады рэвалюцыянер выдае 7 нумароў газеты “Мужыцкая праўда” на беларускай мове. Выхад у свет кожнага нумара газеты даводзіў да шаленства мясцовыя імперскія ўлады. На вышук аўтараў і выдаўцоў былі кінуты значныя паліцэйскія сілы. Аднак, спыніць распаўсюджванне "возмутительных листков" не ўдавалася.

     Кожны нумар "Мужыцкай праўды" прысвячаўся нейкай асобнай тэме. Напрыклад, рэкруцкай павіннасці ці абароне Уніяцкай Царквы, якая магла б стаць нацыянальнай царквой беларусаў, тым самым пазбавіўшы іх ад рэлігійнага ўплыву Польшчы і Расіі. Газета выкрывала злоўжыванні расійскіх чыноўнікаў, антынародную палітыку царскага ўрада. Гэтак, "Мужыцкая праўда" №4 распавядала сялянам, якім павінен быць добры ўрад: "І як добры слуга глядзіць жывёлы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ўрад глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народу лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ўраду, а ўрад для народу".

     22 кастрычніка 1862 года Кастусь Каліноўскі быў прызначаны старшынём Літоўскага правінцыйнага камітэта (ЛПК), які павінен быў кіраваць паўстаннем на землях Літвы-Беларусі.

ПАЧАТАК ПАЎСТАННЯ

1 лютага 1863 г. ЛПК выдаў да жыхароў Беларусі Маніфест аб паўстанні. Да гэтага, у студзені, антырасійскае паўстанне ўспыхнула ў Польшчы.

У сакавіку 1863 года ў Беларусі пачынаецца стварэнне мясцовых паўстанцкіх аддзелаў, у якія ўваходзілі шляхта, чыноўнікі, студэнты, сяляне. Наша Івацэвіччына-Косаўшчына-Пружаншчына-Бярозаўшчына была месцам канцэнтрацыі паўстанцкіх аддзелаў. Тут дзейнічалі аб'яднаны Слонімскі аддзел Ф.Юндзіла, пружанскі—Ф.Улодэка, ваўкавыскі—Млотака, наваградскі—В.Міладоўскага і іншыя.

РАМАН РАГІНСКІ

     Яшчэ да лютага на тэрыторыю Беларусі пачалі пранікаць першыя паўстанцкія аддзелы з Польшчы. Адным з іх быў аддзел Рамана Ра-гінскага. Ужо 12 лютага  ён, аб'яднаўшыся з атрадам С.Сангіна і Б.Рыльскага авалодаў мястэчкам Шарашова, дзе яны вельмі прыхільна былі сустрэтыя мясцовымі жыхарамі. Тут Р.Рагінскі набыў адзенне і абутак для сваіх паўстанцаў, а таксама 6 пудоў пораху. 13 лютага 1863 г. на досвітку паўстанцы без усялякага супраціўлення захапілі павятовы горад Пружаны. Тут, у горадзе яны знайшлі каля 200 карабінаў, у казначэйстве забралі 10 тыс. рублёў і з Пружан рушылі углыб Палесся, маючы намер узняць на паўстанне мясцовых сялян.

     25-26 лютага каля вёскі Боркі (сёння Ганцавіцкі р-н) паўстанцы Рагінскага сутыкнуліся з атрадам царскіх карнікаў пад камандаваннем Альбертава, які складаўся з трох рот пяхоты і сотні казакоў. Са звыклай адвагай Рагінскі пайшоў на няроўны бой і быў разбіты.

     3 сакавіка 1863 года Рагінскага злавілі каля Турава ў маёнтку шляхціца Млынскага. Ён быў арыштаваны і дастаўлены ў Берасце, а затым у варшаўскую вязніцу.

     Дарэчы, калі Рагінскага прывезлі ў Берасце на апазнанне, то ў горад былі ўведзеныя дадатковыя войскі, каб прадухіліць магчымыя хваляванні.

 ФРАНЦІШАК ЮНДЗІЛ

     У падрыхтоўцы паўстання і яго правядзенні актыўна ўдзельнічаў Ф.Юндзіл, уладальнік маёнтка Югалін. К.Каліноўскі даручыў яму весці падрыхтоўку паўстання ў Слонімскім павеце. Са сваіх грошай Ф.Юндзіл здаў у касу паўстання 3000 рублёў срэбрам. Калі пачалося паўстанне, Ф.Юндзіл стварыў атрад, які дзейнічаў у раёне Дабромысля і Югаліна.

     20 мая 1863 г. ў атрадзе Ф.Юндзіла з інспекцыяй пабываў Кастусь Каліноўскі. Атрад Юндзіла прымаў удзел у бітве з расійскімі карнікамі каля  Мілавідаў. Пасля паражэння паўстання Ф. Юндзіл эміграваў у Францыю, дзе і памёр у лютым 1865 г.

ФЕЛІКС УЛОДЭК

     У Пружанскім павеце дзеяннямі атрада касінераў кіраваў шляхціц Фелікс Улодэк (ён жа Самуха, Здзяхоўскі), які меў маёнткі Кабакі ў Пружанскім павеце і Матыкалы ў Берасцейскім (пасля падаўлення паўстання яны былі канфіскаваныя).

     Гэты атрад сфарміраваўся 20 красавіка 1863 года “каля карчмы Пінак Пружанскага павета”. Неўзабаве ён налічваў каля 300 чалавек. Атрад дзейнічаў на тэрыторыі сённяшніх Пружанскага, Бярозаўскага, Іванаўскага раёнаў, удзельнічаў у бітве пад Мілавідамі (сёння Баранавіцкі раён) 22 мая 1863 года.

     Адтуль паўстанцы Улодэка накіраваліся ў в. Пескі цяперашняга Бярозаўскага раёна, дзе 30 мая за некалькі кіламетраў ад Чорнага возера адбыўся бой з царскімі войскамі. Пасля гэтага атрад Улодэка адыйшоў у Пінскі павет.

ПАЎСТАНЦКІ МАНІФЕСТ

     “17 мая ў 8 гадзін на дванаццаці паштовых тройках прыбылі ў вёску Любішчыцы ўзброеныя інсургенты (паўстанцы). Яны пачалі званіць, разаслалі конных збіраць па вёсках сялянаў у царкву…” Такія словы рукою мясцовага святара былі запісаныя ў царкоўнай кнізе. Далей там адзначалася, што пасля таго, як сяляне сабраліся ў царкве, быў зачытаны дэкрэт паўстанцкага нацыянальнага ўрада  аб надзяленні сялянаў зямлёй і ўраўнанні іх у правах са шляхтай.

     Начальнік штаба карных войскаў у Гарадзенскай губерні пісаў: "Каля вёскі Мілавід у маі сяляне цэлымі станамі бралі прысягу на вернасць мяцяжу". І сапрауды, у канцы мая 1863 года кіраўнік паўстанцкага атрада, заняўшы в. Дабромысль, сабраным у царкве членам воласці абвесціў маніфест паўстанцкага ўраду. Аб'яву гэтую зрабіў ён разам з тутэйшым праваслаўным святаром Хрыневічам. Затым сяляне пакляліся быць адданымі нацыянальнаму ўраду. Пад рашэннем падпісаліся начальнік слонімскага паўстанцкага аддзелу І. Лукашэвіч, старшыня воласці Ян Лазарчук і сяляне Змітрук Шачэла і Тамаш Каневехта.

МІЛАВІДЫ

     Да канца мая ў лясах блізу Мілавід былі згуртаваныя каля тысячы паўстанцаў пад агульным кіраўніцтвам палкоўніка Ляндэра (Аляксандра Лянкевіча).

     22 мая адбылася бітва пад Мілавідамі. Супраць лагера паўстанцаў, узброеных стрэльбамі, пісталетамі і косамі, была выстаўлена рэгулярная армія карнікаў у складзе трох рот Стараінгерманландскага палка, артылерыі і казакоў. Камандаваў карнай аперацыяй палкоўнік А. Чартоў.

     Паўстанцы нанеслі праціўніку неспадзяванае для яго паражэнне. Карнікі ж падбіралі забітых і параненых. У выніку, пасля бітвы Чартоў прасіў падмацавання і значна пераўвялічваў сілы паўстанцаў.

ШЫБЕЛЬНАЯ ГАРА

     Непадалек ад Івацэвічаў, па дарозе на Ко-сава знаходзіцца  памятная мясціна, звязаная з паўстаннем — Шыбельная гара. Тут, у лесе, пасля паражэння паўстання царскія карнікі павесілі 20 інсургентаў. Тут жа яны былі і пахаваныя. У памяць пра іх на гэтым месцы ў другой палове 1990-ых гадоў быў устаноўлены і асвячаны крыж.

ВЕШАЛЬНІК

А  расійскую палітыку ў дачыненні да нашага краю трапна акрэсліў галоўны душыцель паўстання, віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў: «Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край».

     У 1898 годзе царскаму сатрапу М. Мураўёву, якога ўжо тады называлі “Вешальнік” быў пастаўлены помнік у Вільні. У тым жа годзе  і з’явілася вось гэтая вядомая карыкатура з подпісам: “Извергу рода человеческого ВЕШАТЕЛЮ-МУРАВЬЕВУ признательная Литва”.

 Павел ДАЙЛІД. г. Івацэвічы


ФРАНЦІШАК ЮНДЗІЛ - НЕСКАРОНЫ ПАЎСТАНЕЦ
Рэха Берасцейшчыны
rberascie

Яго імя рэдка згадваюць гісторыкі, асвятляючы паўстанне 1863-1864гг. Адзначаюць толькі ўдалыя дзеянні атрада пад кіраўніцтвам Францішка Юндзіла ў вядомай бітве пад Мілавідамі 3 чэрвеня 1863г. (усе даты даюцца па новаму стылю). А між тым, гэты чалавек прысвяціў усё сваё жыццё змаганню за вольнасць і незалежнасць Беларусі.

Нарадзіўся Францішак у сям’і небагатага шляхціца Уладзіслава Юндзіла і Багумілы Сухадольскай у 1825г. ў фальварку Югалін былога Слонімскага павета. На жаль, даты нараджэння выявіць нідзе не ўдалося. Бацькі выбралі яму кар’еру ваеннага і ён служыць у царскай арміі, якую пакідае ў 1858г. ў чыне ротмістра.

У гэты час назіраецца абуджэнне нацыянальных рухаў у Польшчы, Беларусі і Літве. На Беларусі рух гэты узначаліў К. Каліноўскі.


Вясною 1861г. Каліноўскі прыступіў да стварэння Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Вядома, што Францішак Юндзіл пасля адстаўкі месцам свайго жыхарства выбраў Гродна. Дом яго ў Гродне стаў прытулкам для маладых рэвалюцыянераў, дзе яны абмяркоўвалі план паўстання, пэўным каардынацыйным цэнтрам па аб’яднанню усіх патрыятычных сіл Айчыны.


22 студзеня 1863г. у Варшаве быў выпушчаны маніфест аб пачатку паўстання і дэкрэты па аграрнаму пытанню.


У ноч на 23 студзеня адбыліся першыя сутычкі польскіх паўстанцаў з царскімі войскамі.


Літоўскі паўстанцкі камітэт падтрымаў паўстанне, выпусціўшы друкаваную аб’яву: “Браты! Каралеўства паўстала!.. Кроў, што льецца за Нёманам, кліча нас да зброі!”


З’явіліся першыя паўстанцкія атрады. Ф. Юндзіла прызначаюць на пост ваеннага начальніка Слонімскага павета і камандзірам атрада, які фарміраваўся ў лагеры паблізу Югаліна ва ўрочышчы “Старынка”.


У хуткім часе да атрада Ф. Юндзіла, які налічваў ужо каля 300 касінераў, далучыўся атрад Ісідора Лукашэвіча, які быў сфарміраваны ў Мілавідах.


28 мая 1863 г. адбылася першая сутычка пад Літвінавым. Будучы ў цяжкім становішчы, Ф. Юндзіл выклікаў на дапамогу найбліжэйшы паўстанцкі атрад Аляксандра Лянкевіча, з якім злучыўся 1 чэрвеня. Гэтым жа днём прыбыў навагрудскі атрад В. Міладоўскага ў колькасці 136 чалавек.


Камандаванне аб’яднанымі сіламі (колькасць паўстанцаў склала 700-750 чалавек) узяў на сябе А. Лянкевіч. Свой лагер яны разбілі паблізу в. Мілавіды (сёння Баранавіцкі раён).


2 чэрвеня 1863 г. Кастусь Каліноўскі робіць агляд паўстанцаў, а ўжо 3 чэрвеня адбыўся вялікі бой з рэгулярным царскім войскам. Пасля перамогі ў гэтым баі пад Мілавідамі, аслабленыя атрады паўстанцаў адышлі і падзяліліся. Ф. Юндзіл са сваім атрадам пасля сутычкі з непрыяцелем пад Сяльцом падаўся праз балоты ў кірунку Целяхан. Па яго следу гналіся ворагі.


У раёне Агінскага канала Юндзіл перадаў навагрудскі атрад касінераў тутэйшаму ваеннаму кіраўніку, а сам павярнуў у кірунку Слоніма. Сведка гэтых падзей успамінаў пасля: “Пачалася для слонімскага атрада пара пераходаў самотных, туляння па лясах і балотах сярод неспакойных вёсак”.


Усё цяжэй і цяжэй было пазбягаць сутычак з ворагам аслабленным паўстанцам.


Каб быць менш прыкметным, атрад зноў падзяліўся. Адна яго частка на чале з Ісідорам Лукашэвічам узяла кірунак на Быцень, маючы на мэце зноў злучыцца ў Тартацкіх лясах. На жаль, толькі невялікая колькасць атрада дабралася да мэты. Пад Міронімам атрад Лукашэвіча быў разбіты. Відаць, тады і загінуў верны сябар і паплечнік Францішка Юндзіла – Ісідор Лукашэвіч. Пахаваны ж Лукашэвіч у брацкай магіле разам з Красінскім і невядомым паўстанцам у м. Косава на каталіцкіх могілках. У 1928 г. ўдзячныя нашчадкі паставілі на іх магіле помнік...


... 13 чэрвеня Юндзіл атрымаў загад перайсці ў палескія балоты і далучыць свой атрад да атрада, якім камандаваў Калупайла. 30 жніўня 1863 г. Францішак Юндзіл прымае ўдзел у баі пад Глыбокім Кутам.


З выпадку заняпаду паўстання на Беларусі Юндзіл пераправіўся праз Буг і ўжо 29 кастрычніка быў у Кракаве, дзе прызначаецца камендантам гэтага горада. 20 студзеня 1864 г. прызначаны арганізатарам Кракаўскай вайсковай акругі.


12 лютага 1864 г. яму было нададзена званне падпалкоўніка. У пачатку сакавіка з выпадку дрэннага здароўя выехаў у Францыю, дзе лечыцца ў парыжскім шпіталі. Але адолець хваробу не змог. Памёр Францішак Юндзіл, мужны кіраўнік паўстанцаў, 13 ці 14 лютага 1865 года.

Алесь ЗАЙКА,

в. Заполле Івацэвіцкага раёна


АКІНЧЫЦЫ: ІМКНЕННЕ ДА СВАБОДЫ
Рэха Берасцейшчыны
rberascie

У паўстанні 1863 года  прымалі ўдзел самыя розныя слаі насельніцтва – шляхта, духавенства, мяшчане, сяляне, аднадворцы. Вельмі часта ў паўстанцкія атрады сыходзілі цэлыя сем’і, прадстаўнікі некалькіх галін аднаго рода. Напрыклад, беларускі шляхецкі род Акінчыцаў вядомы сваім удзелам яшчэ ў паўстанні 1830-1831 гг. У дадзеным артыкуле, складзеным на падставе архіўных крыніц, распавядаецца пра некалькіх прадстаўнікоў гэтага роду, пражываўшых на тэрыторыі Гродзенскай губерні і прымаўшых самы непасрэдны ўдзел у паўстанні 1863-1864гг.

Станіслаў.
Пасля аднаго з баёў паўстанцкага атрада Густава Стравінскага з урадавымі войскамі ў пачатку восені 1863г. у Ваўкавыскім павеце ў забітага паўстанца, памешчыка гатага ж павета Леона Булгарына – у кішэні ўладамі быў знойдзены спіс членаў некаторых з паўстанскіх атрадаў, што дзейнічалі на тэрыторыі Гродзенскай губерні. У гэтым спісе, у ліку іншых 19 імёнаў, пад чацвёртым нумарам значылася: “Окинчиц – два брата, один арт. отс. офицер, другой студент (вероятно)”. У ходзе праведзенага следства ўладам удалося ўстанавіць асобу першага. Ім быў дзейсны прапаршчык 3-яй палявой артылерыйскай брыгады Станіслаў Фадзеевіч Акінчыц, які скончыў Беластоцкую гімназію і Канстанцінаўскую ваенную вучэльню. У красавіку 1863г. ён перайшоў на бок паўстанцаў і, напэўна, знаходзіўся ў складзе атрада Фелікса Улодэка, буйнага памешчыка Берасцейскага і Пружанскага паветаў.

Фелікс. Праз тры гады пасля паўстання, летам 1866г. пры рабоце ў маёнтку памешчыка Слонімскага павета Фадзея Акінчыца мясцовы селянін знайшоў іржавы зламаны пісталет і атдаў яго эканому гэтага маёнтка. Той паведаміў павятоваму прыставу, і да гаспадара маёнтка прыехала паліцыя. На гарышчы паліцыянты знайшлі 11 фотаздымкаў «разных лиц и в разных костюмах со следующей надписью: «в память дружбы Феликсу Окинчицу». Сам Фелікс выяўлены быў на фота-здымку ў польскім нацыянальным касцюме з канфедэраткай на галаве, што ў той час лічылася сур’ёзным злачынствам і бунтам. На наступных допытах стала вядома, што Фелікс Акінчыц, выява якога была на фотаздымку, з’яўляўся сынам памешчыка. Нарадзіўся Фелікс у 1841г., а ў 1862г. ён з’ехаў з дому з мэтай паступаць у Пецярбург у Імператарскае вучылішча правазнаўства. Аднак, ужо летам 1863г., паводле звестак мясцовых сялян і самога бацькі, Фелікс “блукаў па навакольных вёсках у польскім адзенні”. Пры гэтым ён змог упэўніць бацьку, што прыехаў з Пецярбурга на вакацыі як студэнт вышэй названай навучальнай установы. Пасля Фелікс нечакана знік і больш не з’яўляўся дома. Стары памешчык прыйшоў да высновы, што “сын з’ехаў назад у Пецярбург па неадкладных справах”. У выніку зробленага ў Пецярбург запыту на «предмет нахождения в столице студента Окинчица Феликса, Фаддея сына» і атрыманага адказу стала зразумела, што Фелікс не паступаў у вучылішча правазнаўства і ніколі не жыў у сталіцы. Уладам так і не ўдалося ўстанавіць месцазнаходжанне Фелікса, як і высветліць, чым ён займаўся ў перыяд 1863-1864гг. Аднак «на всякий случай», на памешчыка Фадзея Акінчыца быў накладзены штраф памерам 300 рублёў “за хранение огнестрельного оружия” і ўсталяваны паліцэйскі нагляд па асабістаму распаражэнню Віленскага генерал-губернатара.

Уладзіслаў. Многія ўдзельнікі паўстанцкага руху, асабліва на тэрыторыях Пружанскага, Кобрынскага і Ваўкавыскага паветаў у выніку ўзгадвалі, што сярод іншых, у атрадах знаходзіліся некалькі Акінчыцаў, два з якіх – урачы. Цалкам верагодна, што трэцім мог быць той няўлоўны Фелікс. Але пра першых двух дакладна вядома, што аднаго звалі Уладзіслаў, другога – Аляксандр. Звестак пра Уладзіслава таксама пакуль няшмат, але вядома, што ён жыў у Пружанскім павеце і “был в Волковысской шайке мятежников”.  Улады так і не змаглі знайсці доказы прыналежнасці Уладзіслава да паўстанцкага руху, таму ніякіх сур’ёзных мер супраць яго не прымалася. Справа была абмежаваная тым, што ён быў прызнаны «неблагонадёжным» і трапіў пад нагляд паліцыі.

Людвіг. У Гарадзенскім гістарычным архіве маюцца таксама звесткі пра знаходжанне пад арыштам у старым замку з 25 чэрвеня 1863г. урача Людвіга Акінчыца, таксама прымаўшага ўдзел у паўстанні. Ёсць меркаванне, што Людвіг з’яўляўся родным братам Станіслава і Фелікса, але, нажаль, больш аб ім звестак няма.

Аляксандр. Правяраючы спіс забітага Леона Булгарына ўлады паступова выйшлі і на акруговага ўрача Ружанскага павета Аляксандра Акінчыца, напэўна, найбольш гераічнага прадстаўніка гэтага шляхецкага роду.
Аляксандр Акінчыц быў арыштаваны 14 лістапада 1863г. “за бытность в мятежной шайке и не явку к властям по возвращении из оной” і дастаўлены ў Пружанскую турму. Вось, што ён распавёў пра сябе на допытах. Аляксандр Восіпавіч Акінчыц, шляхціч Пружанскага павета, 25 год, рымска-каталіцкага веравызнання, скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта 10 чэрвеня 1861 года. З верасня 1862 года загадам міністра дзяржаўных маёмасцяў быў прызначаны звышштатным акруговым урачом Слонімскага павета, затым пераведзены на пасаду акруговага урача Ружанскага і Слонімскага паветаў. Пастаянна пражываў у мястэчку Шарашова Пружанскага павета. У красавіку 1863г., атрымаўшы прадпісанне ад Варшаўскага рэвалюцыйнага камітэта, пайшоў у паўстанцкі атрад Густава Стравінскага ў Ваўкавыскім павеце “разам з двума стрыечнымі братамі”. З паказанняў сведкаў, Аляксандр знаходзіўся ў атрадах “як урач – лячыў, а не змагаўся”. У паўстанцкі рух пайшоў добраахвотна: “была ідэя вельмі распаўсюджаная і даўняя – вызваленне сваёй Айчыны”. Па вяртанні з паўстанцкіх атрадаў Аляксандр Акінчыц жыў у маёнтку сваёй маці ў вёсцы Немкавічы Пружанскага павета.

Ваенны суд, які адбыўся ў Гародні 13 кра-савіка 1864г. абыйшоўся  з урачом вельмі жорстка, прысудзіўшы “бывшего окружного врача дворянина Александра Окинчица, 25 лет, за бытность в шайке мятежников добровольно ... лишив всех прав состояния по 3-й степени, сослать в каторжную работу в рудники на 15 лет”.

А. Акінчыц не зламаўся на катарзе. У 1865г. ён змог збегчы з Томска ў Францыю. Тут у 1867г. пацвердзіў свой дыплом урача і назаўсёды застаўся на сваёй другой радзіме. Браў Аляксандр Акінчыц актыўны ўдзел у дзейнасці эмігранцкіх арганізацый уцекачоў з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Выступаў з публікацыямі ў прэсе. Напісаў мемуары «Успаміны з побыту ў Расіі ў 1863 г.», якія не былі апублікаваны. Памёр  паўстанцкі лекар з Пружаншчыны ў Францыі ў 1886г.

Алег КАРПОВІЧ,

 Гродна, ГрДУ імя Я. Купалы, аспірант

(перакл. з рус. мовы П. Дайлід паводле зборніка артыкулаў з навуковай канферэнцыі “Асоба ў гісторыі: гераічнае і трагічнае”, Брэст, 2008)

ПІНШЧЫНА АНТЫСАВЕЦКАЯ: ДЗЕЙНАСЦЬ АНТЫСАВЕЦКІХ ПАРТЫЗАНАЎ НА ПІНШЧЫНЕ Ў ПАВАЕННЫ ЧАС (1940-я гг.)
Рэха Берасцейшчыны
rberascie
Сёння тэма паваеннага антысавецкага, антыбальшавіцкага супраціву ў афіцыёзнай гісторыяграфіі не з’яўляецца пашыранай. Нягледзячы на гэта, існуе неабходнасць адсунуць ідэалагічныя межы і па-іншаму паглядзець на тое, што адбывалася ў Беларусі адразу пасля нямецкай акупацыі. Ці адбылося ў 1944 годзе вызваленне краіны? Так, але нельга забываць і на тое, што адзін таталітарызм замяніў другі, з усімі зыходзячымі адсюль наступствамі: калектывізацыяй, раскулачваннем, рэпрэсіямі, задушэннем усяго нацыянальнага.

“Ворагамі народу” станавіліся не бандыты-крымінальнікі, а тыя хто меў нейкія іншыя перакананні, хто марыў годна жыць і не жадаў быць часткаю бяздушнага антычалавечага механізму, якім кіравала бальшавіцкая партыя. У такіх умовах ізноў пасля вайны беларускія лясы напаўняюцца тымі, хто выбіраў шлях змагання з савецкай уладай. Не выключэннем была і Піншчына, дзе акрамя ўласнабеларускіх антысавецкіх фармаванняў актыўна дзейнічала яшчэ і Украінская Паўстанцкая Армія – вайсковае аддзяленне Арганізацыі Украінскіх Нацыяналістаў.

Трэба адзначыць, што пасля вайны ў кожным раёне існаваўшай тады Пінскай вобласці для барацьбы з антысавецкімі партызанамі ствараліся спецыяльныя знішчальныя батальёны. Яны налічвалі ад 50 чалавек і фармаваліся з былога партыйна-партызанскага складу пад патранажам мясцовых аддзяленняў НКУС.

Афіцыёзныя гісторыкі называюць антысавецкіх партызанаў таго часу “бандытамі”.  Але ці заўсёды чальцы знішчальных батальёнаў дзейнічалі ў адпаведнасці з нормамі заканадаўства? Напрыклад, у сакавіку 1945 года байцы знішчальнага батальёну ў Ганцавіцкім раёне Уфімцаў і Дрэнь пабілі шыбы ў вокнах селяніна, за што і былі зняволеныя. Аднак “учитывая, что они осознали свою ошибку и проделали большую работу по вылавливанию дезертиров (выловили 43 дезертира)” ужо праз некалькі дзён гэтых байцоў батальёну выпусцілі на волю [Дзяржаўны Архіў Берасьцейскай вобласці, фонд 7581, вопіс 3, справа 90, аркуш 42]. Таму ня ўсё так проста…

У Дзяржаўным Архіве Берасцейскай вобласці знаходзіцца дакумент (фонд 7581, вопіс 3, справа 698, аркушы 32-35), які пралівае пэўнае святло на супрацьстаянне антысавецкіх партызанаў і савецкай улады на Піншчыне ў 1948 годзе. Трэба падкрэсліць, што час актыўнейшага супраціву савецкай уладзе пакуль ішоў на спад каб ізноў разгарэцца з новай сілаю падчас правядзення масавай калектывізацыі ў 1949 годзе. Для найлепшай ілюстрацыі прыводзім поўны змест таго дакументу, без скаротаў:

Секретарю ЦК КП(б)Б т. Гусарову Н.И.
Секретарь Пинского Обкома КП(б)Б П.Тетюшев


В связи с проводимой партийными и советскими организациями работой по коллективизации сельского хозяйства участились случаи совершения терактов над советско-партийным активом, поджогов домов сельского актива и колхозов, ограбления и ряд других враждебных проявлений.

За последние 2 года было 227 случаев различного рода крупных бандитских проявлений, в результате чего убито и ранено по неполным данным 66 человек партийно-советского актива и работников МГБ и МВД.

Несмотря на то, что органами МГБ и МВД ликвидировано за 2 года 145 банд с общим количеством бандитов 1536 человек, однако террористические акты не сокращаются, а увеличиваются.

В настоящее время на территории области постоянно действуют 10 бандгрупп с общим количеством более 100 человек:

Банда “Украинской Повстанческой Армии” главаря “Волос” из 5 человек и бывшего главаря Бебко из 4 человек, действующие в южной и северной частях Ивановского района. В этом же районе действует банда Романовича из 8 человек.

Банда “УПА” “Олексы” из 5 человек, действующая в Пинском и Столинском районах.

Банда “УПА” Андрейковца из 5 человек в Давид-Городокском районе.

Банда “УПА” Гречко из 6 человек в Дрогичинском районе.

Банда Армии Крайовой “Вин” Корженевича из 6 человек в Логишинском и Пинском районах.

Банда Цуба Владимира из 14 человек, действующая в Ленинском, Лунинецком и Ганцевичском районах.

Банда местного формирования бывшего главаря “Штурхало” из 6 человек в южной части Ленинского, Лунинецком и северной части Давид-Городокского районов.

Все эти банды находят питательную среду у кулацко-националистических элементов области, которые оказывают им всякое содействие.

В Дрогичинском, Ивановском и других районах в массовом количестве распространяются антисоветские и оуновские листовки. Распространителями и организаторами являются кулаки, нацисты и сектанты, установившие связи с оуновским подпольем.

Пинская область сильно засорена украинскими и белорусскими националистами, сектантами, бывшими немецкими полицейскими и кулаками.

В настоящее время в области насчитывается около 700 кулацких хозяйств, 2081 семья родственников репрессированных органами МГБ, до 400 человек немецких ставленников и полицейских, более 200 семей украинских и белорусских националистов, до 600 семей родственников бандитов.

В течении 1948 года кулацко-националистическими элементами было совершено 100 с лишним проявлений, наиболее характерными из которых являются следующие:

28 июля в деревне Любань Ленинского района совершен налет на помещение сельского совета, где смертельно ранен заместитель председателя сельсовета т. Шевчик.

8 августа совершен налет на автомашину Лунинецкого районного отделения МВД, следовавшую в район, где ранен помощник начальника милиции т. Шаповалов и председатель сельского совета т. Пятница.

9 августа разгромлено помещение сельсовета в деревне Мохро Ивановского района.

13 сентября в деревне Лучи Лунинецкого района сожжен дом депутата сельсовета т. Бойко.

15 сентября в деревне Упирово Ивановского района совершен теракт над начальником райконторы связи т. Мотогуз, инспектором райсобеза т. Войтович и заместителем начальника Областного управления связи т. Ясинским.

16 сентября в деревне Жолкино Пинского района сожжен дом депутата сельского совета т. Боричевского и убита его жена.

25 сентября в деревне Малые Чучевичи Лунинецкого района совершен теракт над бригадиром колхоза т. Курак Антоном.

22 октября в деревне Будча Ганцевичского района совершен теракт над председателем сельского совета т. Егоровым.

25 октября в деревне Глинной Столинского района убиты член истребительной группы т. Пафичиц, хозяин дома т. Ярошевич и его жена.

27 октября в деревне Рухча Столинского района убит член истребительной группы т. Лемешевский.

31 октября в деревне Оснежичи Пинского района совершен теракт над председателем сельсовета, депутатом Верховного Совета БССР т. Полещук.

Исходя из всего изложенного выше, Пинский обком просит поставить вопрос перед ЦК ВКП(б) и Союзным правительством разрешить выселить из пределов области кулаков, родственников бандитов и бандпособников, украинских и белорусских националистов и немецких ставленников.
1948 г.     

Як вынікае з гэтай дакладной, сакратар Пінскага абкама Цецюшаў просіць дазвол рэпрэсіраваць 4 тысячы сем’яў у існаваўшай тады Пінскай вобласці. Каб падлічыць агульную колькасць падлягаючых рэпрэсіям жыхароў Піншчыны, гэтую лічбу можна памножыць у некалькі разоў, бо сем’і ж складаліся не з аднаго чалавека.

У дакладной маюцца таксама канкрэтныя факты “бандыцкіх” праяваў на тэрыторыі Пінскай вобласці. Як бачым, усе гэтыя праявы (забойствы, напады, падпалы) былі скіраваныя супраць партыйна-савецкага актыву, тых людзей, якія усталёўвалі савецкую ўладу пасля выгнання немцаў.

“Бандытамі” ў дакладной называюць людзей, якія сталі на шлях узброенага змагання з камуністычным таталітарызмам, які змяніў сабою таталітарызм фашысцкі. І далёка не заўсёды гэтыя змагары з бальшавізмам былі ў мінулым “нямецкімі паслугачамі”. Вельмі часта гэта былі людзі, пакрыўджаныя на савецкую ўладу праз яе антычалавечую палітыку, прыкрытую прыгожымі лозунгамі.

Бо нягледзячы на тое, што пры Сталіне “жить стало лучше, жить стало веселей”, гітлераўскія канцлагеры замяніліся сталінскімі і напаўняць іх працягвалі намі – беларусамі…
Павел ДАЙЛІД,
Івацэвічы.

ПОСТАЦІ ПАЎСТАННЯ 1863—1864 гг. У НАШЫМ КРАІ
Рэха Берасцейшчыны
rberascie
Будучы яркім публіцыстам, К. Каліноўскі праз “Мужыцкую праўду” здолеў абудзіць у розных слаях грамадства прагу да свабоды і волі.

Патрабуючы знішчэння царскага самаўладдзя, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, ён марыў аб надзяленні сялян зямлёй, стварэнні народна-дэмакратычнай рэспублікі. Марыў і змагаўся за гэта.

На барацьбу з паўстанцамі царызм кінуў значныя сілы (па падліках – амаль 145 тысяч салдат, 146 гармат і 60 казацкіх соцень).

Паўстанне было задушана, К. Каліноўскі арыштаваны і 22 сакавіка 1864 года павешаны ў Вільні. Тысячы паўстанцаў прыняла на вечны спачын беларуская зямля. Тых, каго не ўдалося паланіць, вешалі, асуджалі на катаргу ў Сібір, высялялі на жыхарства ў цэнтральныя губерні Расіі. Нават тых, хто спачуваў паўстанню.

Па загаду Мераўёва-вешальніка забаранялася выказваць усялякую праяву жалобы па забітых і павешаных. Ды людзі ўпотай ушаноўвалі і паміналі загінуўшых. Сотні абразоў было прымацавана да соснаў, на якіх вешалі паўстанцаў і на ўзгорку, што каля Івацэвіч. І да гэтага часу завуць месца Шыбельнай гарой. На жаль, шмат магіл так і засталіся безыменнымі, многія імёны ўдзельнікаў паўстання адышлі ў нябыт.

У свой час, працуючы ў Гродзенскім дзяржаўным архіве, мне пашчасціла натрапіць на так званы “Імянны спіс мяшчан, якія адлучыліся з месц свайго жыхарства ў І стане Слонімскага павета” (фонд 1624, вопіс 2, справа 20. Пачата 9 верасня 1863 г.).
Станавы прыстаў І стана (подпіс неразборлівы) склаў спіс тых людзей, якія пакінулі месца жыхарства (пасля некаторыя з іх вярнуліся да сваіх хат).

Няцяжка здагадацца, што гэта былі грамадзяне, якія прынялі ўдзел у паўстанні. Тых, хто вярнуўся ў родныя мясціны, арыштоўвалі і адпраўлялі ў слонімскую турму. Вось гэты спіс. Можа хто з жыхароў раёна даведаецца і пазнае ў іх сваіх продкаў.
Ігнат Лукоўскі, часоваабавязаны селянін Косаўскай воласці. 22 красавіка 1863 г. пакінуў Гуту (там знаходзіліся шклозавод і смалакурня памешчыка Пуслоўскага. Цяпер гэта месца ў Гута-Міхалінскай пушчы – А. З.). Вярнуўся 6 верасня 1863 года і адпраўлены ў Слонім.

Андрэй Рудзьман, адстаўны салдат. 19 лютага 1863 г. пакінуў маёнтак Пескі. Затрыманы і адпраўлены ў Кобрын.

Мікалай Рудзьман, часоваабавязаны селянін з Песак. Адлучыўся 19 лютага 1863 г. з м. Пескі. Затрыманы і адпраўлены ў Кобрын.

Міхаіл Паўшко
, часоваабавязаны селянін Косаўскай воласці. Пакінуў Гуту 22 красавіка 1863 г.

Адам Кавалеўскі
, жыхар Царства Польскага. Пакінуў Гуту 22 красавіка. Вярнуўся 6 верасня 1863 г. і адпраўлены ў Слонім.

Іван Мураўскі, жыхар Царства Польскага. Пакінуў Гуту 22 красавіка. Вярнуўся 6 верасня 1863 г. і адпраўлены ў Слонім.

Восіп Сяргейчык, селянін Косаўскай воласці. 22 красавіка пакінуў Гуту. Вярнуўся 10 верасня 1863 г., адпраўлены ў Слонім.

Міхал Барцінскі, жыхар Царства Польскага. 22 красавіка пакінуў Гуту. Вярнуўся 6 верасня 1863 г. і адпраўлены ў Слонім.

Ксаверы Карпінскі, вольны чалавек. 10 мая пакінуў Аўсто. Вярнуўся 6 верасня 1863 г., адпраўлены ў Слонім.

Казімір Ярошчык, селянін Косаўскай воласці. Пакінуў Косава 22 красавіка 1863 г.

Уладзіслаў Главацкі, шляхціц. Пакінуў Косава 10 мая 1863 г.

Аляксандр Гжацкі, селянін Кастровіцкай воласці. 16 мая пакінуў паштовую станцыю Заполле (цяпер Няхачава – А. З.). Вярнуўся 6 верасня 1863 г., адпраўлены ў Слонім.

Сцяпан Хоміч
, селянін Дабромысленскай воласці. 16 мая пакінуў паштовую станцыю Заполле. Вярнуўся 4 верасня 1863 г., адпраўлены ў Слонім.

Аляксандр Еранчыкаў, вольны чалавек. 16 мая пакінуў паштовую станцыю Заполле. Вярнуўся 4 жніўня 1863 г.

Валерый Захаржэўскі, вольны чалавек. Пакінуў маёнтак Марачоўшчына 19 мая 1863 г.

Адам Герман, казённы селянін Жыровіцкай воласці. Пакінуў Гошчава 19 мая 1863 г.

Адольф Вольскі, шляхціц. 29 мая 1863 г. пакінуў ферму Булу.

Антон Глушэня, селянін Івацэвіцкай воласці. Пакінуў в. Руду 7 чэрвеня 1863 г.

Адольф Малахоўскі, вольны чалавек. 29 мая 1863 г. пакінуў маёнтак Харошчу.

Андрэй Бялевіч, казённы селянін з Пружанскага павета. 29 чэрвеня 1863 года пакінуў вёску Совін.

Сігізмунд Мушынскі, вучань Пінскай гімназіі. 8 жніўня 1863 г. пакінуў маёнтак Некрасаўшчыну.

Павел Хоміч
, селянін Дабромысленскай воласці. Пакінуў в. Дабромысль 25 красавіка 1863 г.

Далейшы лес гэтых людзей нам невядомы. Застаецца адно: ушанаваць іх хвілінай маўчання і сказаць: “Вечная Вам памяць...”

Алесь ЗАЙКА.
в. Заполле Івацэвіцкага раёна

РЭХА БЕРАСЦЕЙШЧЫНЫ ўжо ў ЖЖ!
Рэха Берасцейшчыны
rberascie
Шаноўнае спадарства!

Гэты блог створаны як дзённік гісторыка-краязнаўчага бюлетэню "Рэха Берасцейшчыны".

Тут вы зможаце азнаёміцца з матэрыяламі, друкаванымі ў бюлетэні, якімі будзе з цягам часу напаўняцца гэты дзённік, абмеркаваць іх, пакрытыкаваць, паспрачацца, або звярнуць увагу рэдакцыі на магчымыя мінусы з мэтай іх выпраўлення.

Для тых, хто не ведае.

Мэтамі выдання бюлетэню “Рэха Берасцейшчыны” з’яўляюцца: папулярызацыя гісторыка-культурнай, краязнаўчай спадчыны Берасцейшчыны, выхаванне патрыятызму і любові да роднага Краю, вывучэнне асаблівасцей рэгіёну ў кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі і інш. Акрамя таго, дзякуючы бюлетэню з’явілася яшчэ адна магчымасць данясення ідэй нашых краязнаўцаў да чытача. У асноўным, аўтарамі артыкулаў з’яўляюцца настаўнікі, энтузіясты, аматары даследавання сваёй мясцовасці.

На сённяшні дзень выйшлі тры нумары бюлетэню, якія былі распаўсюджаны па бібліятэках вобласці, сярод краязнаўцаў, гісторыкаў, аматараў гісторыка-культурнай спадчыны Берасцейшчыны.

Чаму "Рэха"?

Назва "Рэха Берасцейшчыны" адлюстроўвае тое, што бюлетэнь абмяжоўваецца інфармаваннем толькі жыхароў Берасцейшчыны, але будзе і прэзентаваць спадчыну Краю ў іншых мясцінах. І цяпер мы можам з гонарам заявіць, што нас чытаюць на вялікай тэрыторыі ад Гомельшчыны да Беластоку.

Як атрымаць папяровую версію газеты?

Колькасць асобнікаў абмежаваная. Наклад звычайна хутка разыходзіцца па бібліятэках і ў коле краязнаўцаў. Калі вы жадаеце атрымаць трэці нумар бюлетэня, асобнікі якога пакуль яшчэ не разышліся, то пакіньце тут свае каардынаты. Мы з вамі звяжамся і вышлем. Тым каму цікава. Бясплатна.

Але бюлетэнь сёння лёгка знайсці ў электронным варыянце (фармат pdf) на сайтах нашых партнёраў.

Беларуская электронная бібліятэка "Камунікат" тут: http://kamunikat.org/recha_bierasciejszczyny.html

Берасцейскі моладзевы сайт "Дзедзіч" тут: http://dzedzich.org/wp/samvydat/reha-berascejshchyny/

Сайт студэнтаў гістарычнага факультэту Берасцейскага Дзяржаўнага Універсітэту тут: http://istfak-brsu.narod.ru/berasteyhuna.htm

Сайт Ганцавіцкага краязнаўчага музея тут:
http://gants-region.info/load/bjuljutehn_rehkha_berascejshchyny/16

Мы удзячныя нашым партнёрам за інфармацыйную падтрымку "Рэха Берасцейшчыны". Калі ў вас узнікнуць нейкія пытанні, то заўсёды буду рады адказаць на іх на старонках гэтага дзённіка.

Павел Дайлід, рэдактар "Рэха Берасцейшчыны".


РЭХА БЕРАСЦЕЙШЧЫНЫ №1 РЭХА БЕРАСЦЕЙШЧЫНЫ №2 РЭХА БЕРАСЦЕЙШЧЫНЫ №3