?

Log in

No account? Create an account

РЭХА Берасцейшчыны

Previous Entry Share Next Entry
АКІНЧЫЦЫ: ІМКНЕННЕ ДА СВАБОДЫ
Рэха Берасцейшчыны
rberascie

У паўстанні 1863 года  прымалі ўдзел самыя розныя слаі насельніцтва – шляхта, духавенства, мяшчане, сяляне, аднадворцы. Вельмі часта ў паўстанцкія атрады сыходзілі цэлыя сем’і, прадстаўнікі некалькіх галін аднаго рода. Напрыклад, беларускі шляхецкі род Акінчыцаў вядомы сваім удзелам яшчэ ў паўстанні 1830-1831 гг. У дадзеным артыкуле, складзеным на падставе архіўных крыніц, распавядаецца пра некалькіх прадстаўнікоў гэтага роду, пражываўшых на тэрыторыі Гродзенскай губерні і прымаўшых самы непасрэдны ўдзел у паўстанні 1863-1864гг.

Станіслаў.
Пасля аднаго з баёў паўстанцкага атрада Густава Стравінскага з урадавымі войскамі ў пачатку восені 1863г. у Ваўкавыскім павеце ў забітага паўстанца, памешчыка гатага ж павета Леона Булгарына – у кішэні ўладамі быў знойдзены спіс членаў некаторых з паўстанскіх атрадаў, што дзейнічалі на тэрыторыі Гродзенскай губерні. У гэтым спісе, у ліку іншых 19 імёнаў, пад чацвёртым нумарам значылася: “Окинчиц – два брата, один арт. отс. офицер, другой студент (вероятно)”. У ходзе праведзенага следства ўладам удалося ўстанавіць асобу першага. Ім быў дзейсны прапаршчык 3-яй палявой артылерыйскай брыгады Станіслаў Фадзеевіч Акінчыц, які скончыў Беластоцкую гімназію і Канстанцінаўскую ваенную вучэльню. У красавіку 1863г. ён перайшоў на бок паўстанцаў і, напэўна, знаходзіўся ў складзе атрада Фелікса Улодэка, буйнага памешчыка Берасцейскага і Пружанскага паветаў.

Фелікс. Праз тры гады пасля паўстання, летам 1866г. пры рабоце ў маёнтку памешчыка Слонімскага павета Фадзея Акінчыца мясцовы селянін знайшоў іржавы зламаны пісталет і атдаў яго эканому гэтага маёнтка. Той паведаміў павятоваму прыставу, і да гаспадара маёнтка прыехала паліцыя. На гарышчы паліцыянты знайшлі 11 фотаздымкаў «разных лиц и в разных костюмах со следующей надписью: «в память дружбы Феликсу Окинчицу». Сам Фелікс выяўлены быў на фота-здымку ў польскім нацыянальным касцюме з канфедэраткай на галаве, што ў той час лічылася сур’ёзным злачынствам і бунтам. На наступных допытах стала вядома, што Фелікс Акінчыц, выява якога была на фотаздымку, з’яўляўся сынам памешчыка. Нарадзіўся Фелікс у 1841г., а ў 1862г. ён з’ехаў з дому з мэтай паступаць у Пецярбург у Імператарскае вучылішча правазнаўства. Аднак, ужо летам 1863г., паводле звестак мясцовых сялян і самога бацькі, Фелікс “блукаў па навакольных вёсках у польскім адзенні”. Пры гэтым ён змог упэўніць бацьку, што прыехаў з Пецярбурга на вакацыі як студэнт вышэй названай навучальнай установы. Пасля Фелікс нечакана знік і больш не з’яўляўся дома. Стары памешчык прыйшоў да высновы, што “сын з’ехаў назад у Пецярбург па неадкладных справах”. У выніку зробленага ў Пецярбург запыту на «предмет нахождения в столице студента Окинчица Феликса, Фаддея сына» і атрыманага адказу стала зразумела, што Фелікс не паступаў у вучылішча правазнаўства і ніколі не жыў у сталіцы. Уладам так і не ўдалося ўстанавіць месцазнаходжанне Фелікса, як і высветліць, чым ён займаўся ў перыяд 1863-1864гг. Аднак «на всякий случай», на памешчыка Фадзея Акінчыца быў накладзены штраф памерам 300 рублёў “за хранение огнестрельного оружия” і ўсталяваны паліцэйскі нагляд па асабістаму распаражэнню Віленскага генерал-губернатара.

Уладзіслаў. Многія ўдзельнікі паўстанцкага руху, асабліва на тэрыторыях Пружанскага, Кобрынскага і Ваўкавыскага паветаў у выніку ўзгадвалі, што сярод іншых, у атрадах знаходзіліся некалькі Акінчыцаў, два з якіх – урачы. Цалкам верагодна, што трэцім мог быць той няўлоўны Фелікс. Але пра першых двух дакладна вядома, што аднаго звалі Уладзіслаў, другога – Аляксандр. Звестак пра Уладзіслава таксама пакуль няшмат, але вядома, што ён жыў у Пружанскім павеце і “был в Волковысской шайке мятежников”.  Улады так і не змаглі знайсці доказы прыналежнасці Уладзіслава да паўстанцкага руху, таму ніякіх сур’ёзных мер супраць яго не прымалася. Справа была абмежаваная тым, што ён быў прызнаны «неблагонадёжным» і трапіў пад нагляд паліцыі.

Людвіг. У Гарадзенскім гістарычным архіве маюцца таксама звесткі пра знаходжанне пад арыштам у старым замку з 25 чэрвеня 1863г. урача Людвіга Акінчыца, таксама прымаўшага ўдзел у паўстанні. Ёсць меркаванне, што Людвіг з’яўляўся родным братам Станіслава і Фелікса, але, нажаль, больш аб ім звестак няма.

Аляксандр. Правяраючы спіс забітага Леона Булгарына ўлады паступова выйшлі і на акруговага ўрача Ружанскага павета Аляксандра Акінчыца, напэўна, найбольш гераічнага прадстаўніка гэтага шляхецкага роду.
Аляксандр Акінчыц быў арыштаваны 14 лістапада 1863г. “за бытность в мятежной шайке и не явку к властям по возвращении из оной” і дастаўлены ў Пружанскую турму. Вось, што ён распавёў пра сябе на допытах. Аляксандр Восіпавіч Акінчыц, шляхціч Пружанскага павета, 25 год, рымска-каталіцкага веравызнання, скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта 10 чэрвеня 1861 года. З верасня 1862 года загадам міністра дзяржаўных маёмасцяў быў прызначаны звышштатным акруговым урачом Слонімскага павета, затым пераведзены на пасаду акруговага урача Ружанскага і Слонімскага паветаў. Пастаянна пражываў у мястэчку Шарашова Пружанскага павета. У красавіку 1863г., атрымаўшы прадпісанне ад Варшаўскага рэвалюцыйнага камітэта, пайшоў у паўстанцкі атрад Густава Стравінскага ў Ваўкавыскім павеце “разам з двума стрыечнымі братамі”. З паказанняў сведкаў, Аляксандр знаходзіўся ў атрадах “як урач – лячыў, а не змагаўся”. У паўстанцкі рух пайшоў добраахвотна: “была ідэя вельмі распаўсюджаная і даўняя – вызваленне сваёй Айчыны”. Па вяртанні з паўстанцкіх атрадаў Аляксандр Акінчыц жыў у маёнтку сваёй маці ў вёсцы Немкавічы Пружанскага павета.

Ваенны суд, які адбыўся ў Гародні 13 кра-савіка 1864г. абыйшоўся  з урачом вельмі жорстка, прысудзіўшы “бывшего окружного врача дворянина Александра Окинчица, 25 лет, за бытность в шайке мятежников добровольно ... лишив всех прав состояния по 3-й степени, сослать в каторжную работу в рудники на 15 лет”.

А. Акінчыц не зламаўся на катарзе. У 1865г. ён змог збегчы з Томска ў Францыю. Тут у 1867г. пацвердзіў свой дыплом урача і назаўсёды застаўся на сваёй другой радзіме. Браў Аляксандр Акінчыц актыўны ўдзел у дзейнасці эмігранцкіх арганізацый уцекачоў з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Выступаў з публікацыямі ў прэсе. Напісаў мемуары «Успаміны з побыту ў Расіі ў 1863 г.», якія не былі апублікаваны. Памёр  паўстанцкі лекар з Пружаншчыны ў Францыі ў 1886г.

Алег КАРПОВІЧ,

 Гродна, ГрДУ імя Я. Купалы, аспірант

(перакл. з рус. мовы П. Дайлід паводле зборніка артыкулаў з навуковай канферэнцыі “Асоба ў гісторыі: гераічнае і трагічнае”, Брэст, 2008)