?

Log in

No account? Create an account

РЭХА Берасцейшчыны

Previous Entry Share Next Entry
ФРАНЦІШАК ЮНДЗІЛ - НЕСКАРОНЫ ПАЎСТАНЕЦ
Рэха Берасцейшчыны
rberascie

Яго імя рэдка згадваюць гісторыкі, асвятляючы паўстанне 1863-1864гг. Адзначаюць толькі ўдалыя дзеянні атрада пад кіраўніцтвам Францішка Юндзіла ў вядомай бітве пад Мілавідамі 3 чэрвеня 1863г. (усе даты даюцца па новаму стылю). А між тым, гэты чалавек прысвяціў усё сваё жыццё змаганню за вольнасць і незалежнасць Беларусі.

Нарадзіўся Францішак у сям’і небагатага шляхціца Уладзіслава Юндзіла і Багумілы Сухадольскай у 1825г. ў фальварку Югалін былога Слонімскага павета. На жаль, даты нараджэння выявіць нідзе не ўдалося. Бацькі выбралі яму кар’еру ваеннага і ён служыць у царскай арміі, якую пакідае ў 1858г. ў чыне ротмістра.

У гэты час назіраецца абуджэнне нацыянальных рухаў у Польшчы, Беларусі і Літве. На Беларусі рух гэты узначаліў К. Каліноўскі.


Вясною 1861г. Каліноўскі прыступіў да стварэння Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Вядома, што Францішак Юндзіл пасля адстаўкі месцам свайго жыхарства выбраў Гродна. Дом яго ў Гродне стаў прытулкам для маладых рэвалюцыянераў, дзе яны абмяркоўвалі план паўстання, пэўным каардынацыйным цэнтрам па аб’яднанню усіх патрыятычных сіл Айчыны.


22 студзеня 1863г. у Варшаве быў выпушчаны маніфест аб пачатку паўстання і дэкрэты па аграрнаму пытанню.


У ноч на 23 студзеня адбыліся першыя сутычкі польскіх паўстанцаў з царскімі войскамі.


Літоўскі паўстанцкі камітэт падтрымаў паўстанне, выпусціўшы друкаваную аб’яву: “Браты! Каралеўства паўстала!.. Кроў, што льецца за Нёманам, кліча нас да зброі!”


З’явіліся першыя паўстанцкія атрады. Ф. Юндзіла прызначаюць на пост ваеннага начальніка Слонімскага павета і камандзірам атрада, які фарміраваўся ў лагеры паблізу Югаліна ва ўрочышчы “Старынка”.


У хуткім часе да атрада Ф. Юндзіла, які налічваў ужо каля 300 касінераў, далучыўся атрад Ісідора Лукашэвіча, які быў сфарміраваны ў Мілавідах.


28 мая 1863 г. адбылася першая сутычка пад Літвінавым. Будучы ў цяжкім становішчы, Ф. Юндзіл выклікаў на дапамогу найбліжэйшы паўстанцкі атрад Аляксандра Лянкевіча, з якім злучыўся 1 чэрвеня. Гэтым жа днём прыбыў навагрудскі атрад В. Міладоўскага ў колькасці 136 чалавек.


Камандаванне аб’яднанымі сіламі (колькасць паўстанцаў склала 700-750 чалавек) узяў на сябе А. Лянкевіч. Свой лагер яны разбілі паблізу в. Мілавіды (сёння Баранавіцкі раён).


2 чэрвеня 1863 г. Кастусь Каліноўскі робіць агляд паўстанцаў, а ўжо 3 чэрвеня адбыўся вялікі бой з рэгулярным царскім войскам. Пасля перамогі ў гэтым баі пад Мілавідамі, аслабленыя атрады паўстанцаў адышлі і падзяліліся. Ф. Юндзіл са сваім атрадам пасля сутычкі з непрыяцелем пад Сяльцом падаўся праз балоты ў кірунку Целяхан. Па яго следу гналіся ворагі.


У раёне Агінскага канала Юндзіл перадаў навагрудскі атрад касінераў тутэйшаму ваеннаму кіраўніку, а сам павярнуў у кірунку Слоніма. Сведка гэтых падзей успамінаў пасля: “Пачалася для слонімскага атрада пара пераходаў самотных, туляння па лясах і балотах сярод неспакойных вёсак”.


Усё цяжэй і цяжэй было пазбягаць сутычак з ворагам аслабленным паўстанцам.


Каб быць менш прыкметным, атрад зноў падзяліўся. Адна яго частка на чале з Ісідорам Лукашэвічам узяла кірунак на Быцень, маючы на мэце зноў злучыцца ў Тартацкіх лясах. На жаль, толькі невялікая колькасць атрада дабралася да мэты. Пад Міронімам атрад Лукашэвіча быў разбіты. Відаць, тады і загінуў верны сябар і паплечнік Францішка Юндзіла – Ісідор Лукашэвіч. Пахаваны ж Лукашэвіч у брацкай магіле разам з Красінскім і невядомым паўстанцам у м. Косава на каталіцкіх могілках. У 1928 г. ўдзячныя нашчадкі паставілі на іх магіле помнік...


... 13 чэрвеня Юндзіл атрымаў загад перайсці ў палескія балоты і далучыць свой атрад да атрада, якім камандаваў Калупайла. 30 жніўня 1863 г. Францішак Юндзіл прымае ўдзел у баі пад Глыбокім Кутам.


З выпадку заняпаду паўстання на Беларусі Юндзіл пераправіўся праз Буг і ўжо 29 кастрычніка быў у Кракаве, дзе прызначаецца камендантам гэтага горада. 20 студзеня 1864 г. прызначаны арганізатарам Кракаўскай вайсковай акругі.


12 лютага 1864 г. яму было нададзена званне падпалкоўніка. У пачатку сакавіка з выпадку дрэннага здароўя выехаў у Францыю, дзе лечыцца ў парыжскім шпіталі. Але адолець хваробу не змог. Памёр Францішак Юндзіл, мужны кіраўнік паўстанцаў, 13 ці 14 лютага 1865 года.

Алесь ЗАЙКА,

в. Заполле Івацэвіцкага раёна