?

Log in

No account? Create an account

РЭХА Берасцейшчыны

Previous Entry Share
КАСІНЕРЫ СВАБОДЫ
Рэха Берасцейшчыны
rberascie

2 лютага 1838 года ў в. Мастаўляны Гродзенскага павета ў шляхецкай сям’і нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, якому наканавана было стаць змагаром за вызваленне нашай Бацькаўшчыны. Дадзены артыкул ёсць спробай уводнага асвятлення падзей паўстання на тэрыторыі сучаснай Івацэвіччыны-Косаўшчыны-Пружаншчыны-Бярозаўшчыны і іншых суседніх рэгіёнаў.

 

ПОСТАЦЬ ГЕРОЯ

Кастусь вучыўся ў Свіслацкім павятовым вучылішчы, у 1861 годзе скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Там ён пазнаёміўся з рэвалюцыйнымі ідэямі рускіх дэмакратаў. Пэўны час Кастусь узначальваў студэнцкую зямляцкую арганізацыю ў Пецярбургу. Вяртанне ў 1861 годзе на Радзіму супала з наспяваннем тут рэвалюцыйнай сітуацыі, калі сяляне былі незадаволеныя ўмовамі аграрнай рэформы. Таму ўвесну 1863 года Кастусь Каліноўскі прыступае да стварэння Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі.

У 1862 – 1863 гадах пад псеўданімам “Яська-гаспадар з-пад Вільні” малады рэвалюцыянер выдае 7 нумароў газеты “Мужыцкая праўда” на беларускай мове. Выхад у свет кожнага нумара газеты даводзіў да шаленства мясцовыя імперскія ўлады. На вышук аўтараў і выдаўцоў былі кінуты значныя паліцэйскія сілы. Аднак, спыніць распаўсюджванне "возмутительных листков" не ўдавалася.

     Кожны нумар "Мужыцкай праўды" прысвячаўся нейкай асобнай тэме. Напрыклад, рэкруцкай павіннасці ці абароне Уніяцкай Царквы, якая магла б стаць нацыянальнай царквой беларусаў, тым самым пазбавіўшы іх ад рэлігійнага ўплыву Польшчы і Расіі. Газета выкрывала злоўжыванні расійскіх чыноўнікаў, антынародную палітыку царскага ўрада. Гэтак, "Мужыцкая праўда" №4 распавядала сялянам, якім павінен быць добры ўрад: "І як добры слуга глядзіць жывёлы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ўрад глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народу лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ўраду, а ўрад для народу".

     22 кастрычніка 1862 года Кастусь Каліноўскі быў прызначаны старшынём Літоўскага правінцыйнага камітэта (ЛПК), які павінен быў кіраваць паўстаннем на землях Літвы-Беларусі.

ПАЧАТАК ПАЎСТАННЯ

1 лютага 1863 г. ЛПК выдаў да жыхароў Беларусі Маніфест аб паўстанні. Да гэтага, у студзені, антырасійскае паўстанне ўспыхнула ў Польшчы.

У сакавіку 1863 года ў Беларусі пачынаецца стварэнне мясцовых паўстанцкіх аддзелаў, у якія ўваходзілі шляхта, чыноўнікі, студэнты, сяляне. Наша Івацэвіччына-Косаўшчына-Пружаншчына-Бярозаўшчына была месцам канцэнтрацыі паўстанцкіх аддзелаў. Тут дзейнічалі аб'яднаны Слонімскі аддзел Ф.Юндзіла, пружанскі—Ф.Улодэка, ваўкавыскі—Млотака, наваградскі—В.Міладоўскага і іншыя.

РАМАН РАГІНСКІ

     Яшчэ да лютага на тэрыторыю Беларусі пачалі пранікаць першыя паўстанцкія аддзелы з Польшчы. Адным з іх быў аддзел Рамана Ра-гінскага. Ужо 12 лютага  ён, аб'яднаўшыся з атрадам С.Сангіна і Б.Рыльскага авалодаў мястэчкам Шарашова, дзе яны вельмі прыхільна былі сустрэтыя мясцовымі жыхарамі. Тут Р.Рагінскі набыў адзенне і абутак для сваіх паўстанцаў, а таксама 6 пудоў пораху. 13 лютага 1863 г. на досвітку паўстанцы без усялякага супраціўлення захапілі павятовы горад Пружаны. Тут, у горадзе яны знайшлі каля 200 карабінаў, у казначэйстве забралі 10 тыс. рублёў і з Пружан рушылі углыб Палесся, маючы намер узняць на паўстанне мясцовых сялян.

     25-26 лютага каля вёскі Боркі (сёння Ганцавіцкі р-н) паўстанцы Рагінскага сутыкнуліся з атрадам царскіх карнікаў пад камандаваннем Альбертава, які складаўся з трох рот пяхоты і сотні казакоў. Са звыклай адвагай Рагінскі пайшоў на няроўны бой і быў разбіты.

     3 сакавіка 1863 года Рагінскага злавілі каля Турава ў маёнтку шляхціца Млынскага. Ён быў арыштаваны і дастаўлены ў Берасце, а затым у варшаўскую вязніцу.

     Дарэчы, калі Рагінскага прывезлі ў Берасце на апазнанне, то ў горад былі ўведзеныя дадатковыя войскі, каб прадухіліць магчымыя хваляванні.

 ФРАНЦІШАК ЮНДЗІЛ

     У падрыхтоўцы паўстання і яго правядзенні актыўна ўдзельнічаў Ф.Юндзіл, уладальнік маёнтка Югалін. К.Каліноўскі даручыў яму весці падрыхтоўку паўстання ў Слонімскім павеце. Са сваіх грошай Ф.Юндзіл здаў у касу паўстання 3000 рублёў срэбрам. Калі пачалося паўстанне, Ф.Юндзіл стварыў атрад, які дзейнічаў у раёне Дабромысля і Югаліна.

     20 мая 1863 г. ў атрадзе Ф.Юндзіла з інспекцыяй пабываў Кастусь Каліноўскі. Атрад Юндзіла прымаў удзел у бітве з расійскімі карнікамі каля  Мілавідаў. Пасля паражэння паўстання Ф. Юндзіл эміграваў у Францыю, дзе і памёр у лютым 1865 г.

ФЕЛІКС УЛОДЭК

     У Пружанскім павеце дзеяннямі атрада касінераў кіраваў шляхціц Фелікс Улодэк (ён жа Самуха, Здзяхоўскі), які меў маёнткі Кабакі ў Пружанскім павеце і Матыкалы ў Берасцейскім (пасля падаўлення паўстання яны былі канфіскаваныя).

     Гэты атрад сфарміраваўся 20 красавіка 1863 года “каля карчмы Пінак Пружанскага павета”. Неўзабаве ён налічваў каля 300 чалавек. Атрад дзейнічаў на тэрыторыі сённяшніх Пружанскага, Бярозаўскага, Іванаўскага раёнаў, удзельнічаў у бітве пад Мілавідамі (сёння Баранавіцкі раён) 22 мая 1863 года.

     Адтуль паўстанцы Улодэка накіраваліся ў в. Пескі цяперашняга Бярозаўскага раёна, дзе 30 мая за некалькі кіламетраў ад Чорнага возера адбыўся бой з царскімі войскамі. Пасля гэтага атрад Улодэка адыйшоў у Пінскі павет.

ПАЎСТАНЦКІ МАНІФЕСТ

     “17 мая ў 8 гадзін на дванаццаці паштовых тройках прыбылі ў вёску Любішчыцы ўзброеныя інсургенты (паўстанцы). Яны пачалі званіць, разаслалі конных збіраць па вёсках сялянаў у царкву…” Такія словы рукою мясцовага святара былі запісаныя ў царкоўнай кнізе. Далей там адзначалася, што пасля таго, як сяляне сабраліся ў царкве, быў зачытаны дэкрэт паўстанцкага нацыянальнага ўрада  аб надзяленні сялянаў зямлёй і ўраўнанні іх у правах са шляхтай.

     Начальнік штаба карных войскаў у Гарадзенскай губерні пісаў: "Каля вёскі Мілавід у маі сяляне цэлымі станамі бралі прысягу на вернасць мяцяжу". І сапрауды, у канцы мая 1863 года кіраўнік паўстанцкага атрада, заняўшы в. Дабромысль, сабраным у царкве членам воласці абвесціў маніфест паўстанцкага ўраду. Аб'яву гэтую зрабіў ён разам з тутэйшым праваслаўным святаром Хрыневічам. Затым сяляне пакляліся быць адданымі нацыянальнаму ўраду. Пад рашэннем падпісаліся начальнік слонімскага паўстанцкага аддзелу І. Лукашэвіч, старшыня воласці Ян Лазарчук і сяляне Змітрук Шачэла і Тамаш Каневехта.

МІЛАВІДЫ

     Да канца мая ў лясах блізу Мілавід былі згуртаваныя каля тысячы паўстанцаў пад агульным кіраўніцтвам палкоўніка Ляндэра (Аляксандра Лянкевіча).

     22 мая адбылася бітва пад Мілавідамі. Супраць лагера паўстанцаў, узброеных стрэльбамі, пісталетамі і косамі, была выстаўлена рэгулярная армія карнікаў у складзе трох рот Стараінгерманландскага палка, артылерыі і казакоў. Камандаваў карнай аперацыяй палкоўнік А. Чартоў.

     Паўстанцы нанеслі праціўніку неспадзяванае для яго паражэнне. Карнікі ж падбіралі забітых і параненых. У выніку, пасля бітвы Чартоў прасіў падмацавання і значна пераўвялічваў сілы паўстанцаў.

ШЫБЕЛЬНАЯ ГАРА

     Непадалек ад Івацэвічаў, па дарозе на Ко-сава знаходзіцца  памятная мясціна, звязаная з паўстаннем — Шыбельная гара. Тут, у лесе, пасля паражэння паўстання царскія карнікі павесілі 20 інсургентаў. Тут жа яны былі і пахаваныя. У памяць пра іх на гэтым месцы ў другой палове 1990-ых гадоў быў устаноўлены і асвячаны крыж.

ВЕШАЛЬНІК

А  расійскую палітыку ў дачыненні да нашага краю трапна акрэсліў галоўны душыцель паўстання, віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў: «Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край».

     У 1898 годзе царскаму сатрапу М. Мураўёву, якога ўжо тады называлі “Вешальнік” быў пастаўлены помнік у Вільні. У тым жа годзе  і з’явілася вось гэтая вядомая карыкатура з подпісам: “Извергу рода человеческого ВЕШАТЕЛЮ-МУРАВЬЕВУ признательная Литва”.

 Павел ДАЙЛІД. г. Івацэвічы